Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Выкарыстанне вершаў для адпрацоўкі правільнага вымаўлення гукаў

Дата: 20 мая 2022 в 15:39, Обновлено 20 октября 2022 в 11:28
253 просмотра

Советы учителя-дефектолога

Каб навучыцца правільна, чыста і выразна размаўляць на роднай мове дзецям неабходна чуць правільнае і прыгожае маўленне. Вершы беларускіх паэтаў і малыя формы вуснапаэтычнай творчасці з'яўляюцца найлепшым сродкам для адпрацоўкі ў дзяцей правільнага вымаўлення беларускіх гукаў, дакладнай дыкцыі, галасавога апарату.

Слуханне і выразнае расказванне мастацкіх твораў уплывае на фарміраванне правільнага вымаўлення гукаў ў самастойным звязным маўленні, развівае маўленчы слых і маўленчае дыханне, адпрацоўвае уменне выкарыстоўваць умераны тэмп і выразныя інтанацыі.

Вершаваная пабудова твора дапамагае дзіцяці расказваць яго без асобых намаганняў, захоўваючы пэўны рытм. Рыфма палягчае запамінанне паэтычнага твора, спрыяе дакладнаму і правільнаму вымаўленню гукаў.

Адзначу, што патрэбна выкарыстоўваць вершы толькі ў тым выпадку, калі гук у дзіцяці ўжо пастаўлены, але ѐн не ў дастатковай ступені аўтаматызаваны і замацаваны.

Работу па замацаванні правільнага вымаўлення гука можна планаваць як уранку, так і ў другую палову дня. 

Разам з тым, вершы пашыраюць уяўленні дзіцяці аб навакольным свеце, спрыяюць развіццю ў дзіцяці інтанацыйнай выразнасці маўлення.

Шыпячыя, санорныя, свісцячыя гукі часцей за астатнія вызываюць ў дзяцей цяжкасці вымаўлення. Вершаваныя творы з гэтымі гукамі дапамогуць Вам замацаваць іх правільнае вымаўленне.

Гукі Ш, ДЖ, Ч, Ш, ШЧ

На шашы і ля шашы

Што хвіліны на шашы

Шумна, як на кірмашы.

Шоргат,

Шорах,

Шум птушыны.

За машынаю машына.

Нешта шэпча

Шына шыне.

Шпак шыкуе

На шыпшыне.

А пад шатамі ў цішы

На ляшчыне спарышы.

У капелюшы спарыш,

Пашукай спарыш, малыш!

Шпарка па шашы ў кашы

Пашыбуюць спарышы.

Шэпча шустрая шаша:

-- не спяшайцеся, ша-ша.

 Р. Барадулін

Воўк

Хвошча, хвошча дождж,

Воўк схаваўся ў хвошч.

Хвост пад хвашчом,

А сам пад дажджом.

 В. Вітка

Пасярод двара

Пасярод двара – гара,

На вяршэчку – сані.

А хто што дастане –

Гаварыце самі.

Сонечка – саначкі,

Верачка – вяровачку,

А малы Іваначка –

Скорагаворачку.

 В. Вітка

Снегам шорсткім, свежым

Заваліў дарожкі снежань.

 М. Пазнякоў

Па шумлівай, вірлівай шашы

Трыццаць тры самазвалы прайшлі.

 М. Пазнякоў

Мяшкі вавѐрка восенню пашыла,

Грыбоў, арэхаў, шышак насушыла.

 М. Пазнякоў

Мышка ў шалашы

Сенам шапаткім

У шалашы,

Мышка шустрая,

Уночы не шуршы.

 М. Пазнякоў

- Чапля чорная ўначы

Дзюбу чысціла ў руччы.

- Чорных чапляў не быва!

- А ты слухай і маўчы!

Бо навокал крумкачы

Заспявалі: чы-чы-чы!

-Крумкачы так не спяваюць!

- А ты слухай і маўчы!

Пад ялінкаю квачы

Зайкам мазалі лычы.

- Дык зайцы ж лычоў не маюць!

- - А ты слухай і маўчы!

 С. Сокалаў-Воюш.

Мой дружок

Сеў дружок мой

На лужок,

На ўзлесак-беражок,

З’еў дружок мой

Піражок

І зайграў сабе

Ў ражок.

Туі звяры, пачуўшы, выйшлі, Селі побач

У кружок.

 С. Валодзька.

Гукі Р, Л

Рак

Рак поўз паўз барак,

Сустракае рака грак:

--Здароў, рак, дай руку,

У раку завалаку

В. Вітка

Кобра

Улавілі кобру,

Пасадзілі ў торбу.

Калі ў торбе кобра –

Гэта вельмі добра.

 В. Вітка

Скача грак

Так і сяк

Наўскасяк

Скача грак

Кракавяк

Скача так

З грачыхаю,

Што шпак

Ад пылу чыхае.

 Ул. Скарынкін

Крот

Хадзіў певень на падворку

І знайшоў скорагаворку:

Падрыў крот

Крывы плот,

Рые норку

Ў агарод.

Трэ пастрашыць недарэку:

--Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку!

Затаіўся ў норцы крот –

Як зямлі набраў у рот.

 В. Вітка

Летам Тамара

Гербарый сабрала

 М. Пазнякоў

Караліна Валеру

Падарыла акварэлі,

А Валера Караліне

Падарыў букет вяргіняў.

 М. Пазнякоў

Вырасцілі Фрол і Лора

Боб, фасолю, памідоры.

 М. Пазнякоў

Расцвілі ў бабулі Фросі

Гладяѐлусы і флѐксы

 М. Пазнякоў

Забялела грэчка ў полі,

Загулі над грэчкай пчолы.

 М. Пазнякоў

Рэк закрыўшы берагі,

Красавік заліў лугі.

 М. Пазнякоў

Крочыць водарным верасам

Шчодры, радасны верасень.

 М. Пазнякоў

Вецер рад у лістападзе

Пагуляць у голым садзе.

 М. Пазнякоў

Варона

Выхвалялася варона:

--Я жыву ў зялѐнай кроне клѐна.

Хутка восень завітала,

Крона клѐна голай стала.

 М. Пазнякоў

Акуляры

У Варвары – акуляры,

Акуляры да твару Варвары.

 М. Пазнякоў

Бандэроль

Бандэроль брат Браніслаў

Барысу з Браслава прыслаў.

 М. Пазнякоў

Варона

-- Кар-р! Кар-р-равул! –

Закаркала варона.—

На др-р-рэва лезе Р-р-рома.

Тр-р-рэба Р-р- Рому р-ратаваць,

Бо зваліцца не мудр-р-рона

І руку зламаць.

 М. Пазнякоў

Гукі С, З, Ц

Повен хлявец

Белых авец.

Добра жывецца,

Лѐгка жуецца.( Зубы.)

 В. Вітка

За тры вазы дзеразы

Купіў тата тры казы.

А ці кожнаму вядома –

Па чым козы ішлі дадому? ( па дарозе, па зямлі)

 В. Вітка

Шэсцьдзесят

Сарачанят

Пагуляць зайшлі

Ў дзетсад.

 В.Вітка

Зай на ўслончыку сядзеў,

Зай на вуліцу глядзеў.

Пагуляць Зай папрасіўся.

Дзед падумаў,

Пагадзіўся.

 В. Лукша

Падрыхтаваў настаўнік-дэфектолаг: Ю.В.Язерская

Спіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Дубинина, Дина Николаевна. Родныя вобразы ў паэтычным слове: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашк. адукацыі: у 2 ч.;Ч. 1, с. 103-110, -Мазыр: Белы Вецер, 2008
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.